СЛУ́ЦКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛА,
прыдворны аркестр князя Г.Ф.Радзівіла. Існавала ў 1746—60 у г. Слуцк Мінскай вобл. Іграла на балях, маскарадах, сямейных святах, паляваннях, з 1751 суправаджала паказы Слуцкага тэатра Радзівіла. Складалася пераважна з замежных музыкантаў. Капельмайстры А.Ваплер, Ф.Вітман, Т.Гартвіг; выканаўцы Т.Путс (басіст), Ю.Кагут (лютніст), Наверт і Гогенбрукнер (арфісты), Ф.Шперлінг і Ліст (трубачы), Горак (валтарніст), Паўтснер (арганіст), Гартвіг, Я.Мартэнс і інш. Капэла выступала ў рэзідэнцыях Радзівіла ў Слуцку і Белай (Бяла-Падляска, Польшча) і па-за іх межамі. Сучаснікі адзначалі высокі прафес. ўзровень капэлы. Пасля смерці Радзівіла капельмайстры і некат. музыканты пераведзены ў Нясвіж, дзе працавалі ў Нясвіжскай музычнай школе і Нясвіжскай капэле Радзівілаў.
Літ.:
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Беларуси в XVIII в. Мн., 1992. С. 29;
гл. таксама да арт. Слуцкая музычная школа.
В.У.Дадзіёмава.
т. 15, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)